Меню

У райваенкамаце пачаўся медыцынскі агляд грамадзян прызыўнога ўзросту

Общество

На гэтым тыдні ў райваенкамаце пачаўся медыцынскі агляд грамадзян прызыўнога ўзросту.

Маладыя людзі ва ўзросце 18-27 гадоў, якім прадстаіць тэрміновая ваенная служба ва Узброеных Сілах рэспублікі, прыбываюць паводле графіка.

Іх аглядаюць урачы-спецыялісты Стаўбцоўскай ЦРБ. З імі ў першы дзень работы камісіі правёў інструктыўныя заняткі начальнік групы прызыву Мікалай Самусевіч.

“Медагляд грамадзян прызыўнога ўзросту праходзіць у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 48 ад 12.02. 2024 года і рашэння райвыканкама. Ён закране перыяд з лютага па май. Вясеннія адпраўкі прызыўнікоў пачнуцца ў красавіку”, — удакладняе Мікалай Самусевіч.

Настрой у прызыўнікоў – пазітыўны, у некаторых нават ёсць планы застацца ў далейшым на кантрактную службу. Сярод такіх – Сяргей Кухарчык і Максім Калкоўскі. Мы пагутарылі з хлопцамі і высветлілі іх жыццёвыя арыенціры.

”Хацеў бы служыць у органах дзяржаўнай бяспекі, — расказвае Сяргей Кухарчык. – Мае сваякі працуюць у міліцыі, і мне падабаецца такая работа. Спадзяюся знайсці ў ёй сваё прызванне. У гэтым мяне падтрымліваюць бацькі. Заканчваю Мар’інагорскі аграрна-тэхнічны каледж. Там я ўваходжу ў склад групы па наркакантролі, добраахвотную дружыну. Займаюся спортам, у асноўным тэнісам і тайскім боксам. З тэхнікай люблю вазіцца. Праходзіў вытворчую практыку ў СГФ “Аталезь-агра”. Адразу быў слесарам, потым працаваў на трактары — займаўся ачысткай ферм”.

“Па спецыяльнасці я ветэрынар (заканчваю Ляхавіцкі аграрны каледж), таму мару пра службу ў кіналагічным цэнтры, — працягвае размову Максім Калкоўскі. – Рыхтуюся фізічна, таксама і маральна. Галоўнае – станоўчы погляд на свет, на тых, хто цябе акружае. Чаму хачу застацца на “кантракт”? Адыграў ролю прыклад маіх айчыма і дзядзі, якія служаць у вайсковай часці ў Коласаве. Сам я займаюся лыжнымі гонкамі. Пасля дзявятага класа паступіў у школу алімпійскага рэзерву ў Плешчаніцах. Яшчэ люблю жывёл, таму пад маім ветэрынарным доглядам уся вялікая гаспадарка, якая ёсць у маёй бабулі ў Шашках”.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

Рекомендуем