Меню

У Стоўбцах прайшла экалагічная акцыя «Падкормім птушак»

Общество
На беразе ракі Альхоўкі юныя паляўнічыя і рыбаловы, вучні пятых класаў  СШ № 2 г. Стоўбцы, разам са сваім педагогам Юрыем Лапкоўскім размясцілі кармушкі, якія змайстравалі ўласнымі рукамі з бацькамі, а таксама на ўроках працоўнага навучання.
  
Прынеслі і шмат корму для качак і драздоў, снегіроў, свірысцеляў, што жывуць у гэтых мясцінах. У кожнага з дзяцей былі вядзёрцы і кантэйнеры з крупамі і дамашняй кашай.
Раённая арганізацыйная структура Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў дапамагла са збожжаадходамі.
Непасрэдны ўдзел у акцыі прынялі яе арганізатары — супрацоўнікі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
«Заклікаем усіх жыхароў горада далучацца і дапамагаць птушкам  перажыць халодную пару, — звяртае ўвагу начальнік райінспекцыі Аляксандр Сарока.  — У кармушкі можна насыпаць розныя крупы ў сухім выглядзе. Птушкі будуць рады і несалёным семкам сланечніка».
Грамадскі эколаг Іосіф Грыгарцэвіч жыве побач з гарадскім возерам, ён і быў адным з ініцыятараў гэтай акцыі. Іосіф Іосіфавіч паабяцаў, што будзе адсочваць абстаноўку і своечасова сігналізаваць аб неабходнасці чарговай падкормкі птушак.
А качкі, як толькі пачулі галасы і шум, зрабілі нечаканае «фыр» — гучнай чарадой адляцелі на іншы бок рачулкі.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара
Рекомендуем