Спадчына Генрыха Далідовіча: наш зямляк адзначае юбілей
… Вялікае раздолле для мяцеліц і снегавею, а летам бясконцае мора дзьмухаўца – і мой хутар Амшарок паміж зімой і летам.
Генрых Далідовіч
Наш зямляк, беларускі пісьменнік, публіцыст, літаратуразнаўца і перакладчык Генрых Далідовіч сёння адзначае свой шаноўны юбілей.
Усё пачалося з хутара Амшарок, што паблізу сённяшняй вёскі Янкавічы. Скончыўшы Дзераўнянскую дзесяцігодку, юнак адправіўся ў «вялікі» свет. Шлях прывёў яго ў сцены Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на філалагічны факультэт, які ён закончыў у 1968 годзе. Затым Генрых Далідовіч прайшоў школу жыцця ў самым прамым сэнсе: выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Шабыньскай васьмігадовай школе на Барысаўшчыне, некаторы час быў завучам гэтай школы. Настаўніцкі стол, дзіцячыя вочы, якія прагнуць разумення свету, – усё гэта загартавала яго не толькі як настаўніка, але і як пісьменніка, які ўмее чуць чалавека.
У 1966 годзе ў газеце «Прамень» можна было ўбачыць яго першае апавяданне. У 1968 годзе часопіс «Маладосць» апублікаваў яго апавяданне «Ліст да Олі». Гэта быў не проста дэбют — гэта была заява аб сабе як аб таленце, здольным пранікаць у псіхалогію асобы. Творчы імпульс не даваў спакою. І Генрых Далідовіч зрабіў рашучы крок: пакінуў школу, пераехаў у Мінск, акунуўся ў часопіснае жыццё. Спачатку — аддзел прозы «Полымя» (з 1973 года), затым, з 1979 года, «Маладосць», дзе ён прайшоў шлях ад намесніка галоўнага рэдактара да кіраўніка рэдакцыі. А з 2003 года ён стаў намеснікам галоўнага рэдактара «Краязнаўчай газеты».
Першай яго кнігай, якая ўбачыла свет у 1974 годзе, стала «Дажджы над вёскай». Потым былі зборнікі апавяданняў і аповесцей «Цяпло на першацвет» (1976 год), «Маладыя гады» (1979 год), «Міланькі» (1980 год), «На новы парог» (1983 год), «Станаўленне» (1985 год), «Міг маладосці» (выбранае, 1987 год), «Жывы покліч» (1995 год). Амаль дзесяць гадоў было аддадзена стварэнню цыкла гістарычных раманаў «Гаспадар-камень» (1986 год; Літаратурная прэмія СП БССР імя І. Мележа, 1987 год), «Пабуджаныя» (1988 год), «Свой дом» (1992 год; часопісны варыянт, 1989 год). Заходнебеларускай рэчаіснасці празаік прысвяціў раман «Заходнікі» (1994 год; Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Коласа, 1996 год).




Генрых Далідовіч – аўтар літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў. На беларускую мову пераклаў раман Дж. Ф. Купера «Апошні з магікан».
Як дорага чытаецца напісанае Генрыхам Далідовічам наше беларускае… Увекавечыць словам свой «родны кут» трэба, іначай ён не апеты будзе, безыменны, толькі яшчэ аднымі нейкімі палямі, лясамі, людзьмі, вёскаю…
Хочацца пажадаць нашаму земляку здароўя, невычэрпнага натхнення і ўдзячных чытачоў. Пакуль гучыць яго слова — жывая памяць, жывая літаратура.