Меню

У ААТ «Каганец» рыхтуюць тэхніку да веснавых палявых работ

Общество

У гэтыя зімовыя дні ў механічнай майстэрні таварыства ажыўлена.

– Рамонт пачалі яшчэ ў лістападзе, – расказвае галоўны інжынер Уладзіслаў Камейша. – Пастаўлены на лінейку гатоўнасці культыватары, дыскатары, АКШ. Грошы на запчасткі выдзяляюцца, створаны іх неабходны запас.

Уладзіслаў Генадзьевіч гаворыць, што ўжо давялі да ладу раскідвальнік мінеральных угнаенняў, завіхаюцца над спецмашынай «Раса». Аднак бывае, што механізатарам не пад сілу ўсё зрабіць самім, тады на дапамогу ім прыходзяць слесар і газаэлектразваршчык. У ангары на дзень наведвання стаялі два энерганасычаныя трактары. У адным перабіралі каробку перадач, у другім мянялі сальнік у рухавіку. Разам з механізатарамі рупіліся іх памагатыя.

Працаўнікі стараюцца належным чынам адрамантаваць замацаваную за імі тэхніку, бо будуць на ёй працаваць з вясны да позняй восені.

Механізатар Іван Малчанаў і слесар Дзмітрый Кульша заняты рамонтам рухавіка

Графік рамонту прадуманы дасканала, і ён вытрымліваецца. А складзены графік такім чынам, каб механізатары змаглі пабываць у адпачынках да пачатку веснавых палявых работ.

– Да пасяўной яшчэ амаль два месяцы, – працягвае размову галоўны інжынер, – таму ёсць час для таго, каб справіцца з рамонтам і выканаць яго якасна.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

Рекомендуем